Юрась Губарэвіч (hubarevich) wrote,
Юрась Губарэвіч
hubarevich

Выбары 2012. Магчымыя сцэнары.

Сцэнар першы. Актыўны байкот.

Тое, што ўсе апазіцыйныя структуры пагодзяцца на правядзенне байкота, малаверагодна. Але, калі ўявіць падобную сітуацыю, падзеі будуць разгортвацца наступным чынам:
- з прычыны адсутнасці дастатковых ўнутраных і знешніх сродкаў на правядзенне кампаніі байкота, большая частка апазіцыйных суб’ектаў адмовіцца ад актыўнай дзейнасці, альбо абярэ працу ў спадарожных палітычных кампаніях, такіх, як назіранне;
- улада выставіць кандыдатаў па ўсіх акругах. Дублюючы склад будзе забяспечаны актывістамі ЛДПБ Гайдукевіча. У абласных гарадах і Менску магчыма давядзенне лічбы кандыдатаў да 3-5 на акрузе, за кошт прадстаўнікоў лаяльнага бізнеса і людзей з дзяржсектара;
- агітацыйная кампанія будзе адбывацца ў адносна вольнай атмасферы. Кандыдатам будзе дазволена рабіць крытычныя выказванні перадусім у адрас прадстаўнікоў сярэдніх і ніжэйшых эшэлонаў улады;
- інфармацыйная кампанія прыхільнікаў байкоту звядзецца да распаўсюду друкаванай прадукцыі, большая частка накладу якой будзе канфіскаваная (такая традыцыя);
- вулічныя мерапрыемствы прыхільнікаў байкоту, як правіла, будуць забароненыя. Тыя з іх, якія дазволіць улада, не стануць па- сапраўднаму масавымі;
- асноўным каналам камунікацыі прыхільнікаў байкоту з актыўнай часткай грамадзтва стануць незалежныя СМІ і некаторыя пляцоўкі ў сацыяльных сетках, агульная аўдыторыя якіх не перасягне 300-500 тыс. чалавек;
- рэальная яўка на выбарах складзе 35-40% на акругах у буйных гарадах і 60-65% у рэгіянальных акругах;
- Цэнтрвыбаркам агучыць лічбу яўкі 65-70% у цэлым па краіне, адзначыўшы некаторае яе зніжэнне, звязанае з эканамічным крызісам. Усе кандыдаты будуць “абраныя” у першым туры;
- незалежныя назіральнікі, у т.л. замежныя, адзначаць беспрэцэндэнтную адкрытасць у працы камісіяў у часе падліку галасоў;
- інфармацыйныя ўлёткі прыхільнікаў байкоту з рэальнымі лічбамі яўкі будуць канфіскаваныя. Нешматлюдны фінальны мітынг будзе сарваны з прычыны арышту гукаўзмацняльнай апаратуры (традыцыя такая);
- праз месяц пасля галасавання незалежныя сацыёлагі паведамяць, што давер грамадзтва да афіцыйных вынікаў выбараў вагаецца на ўзроўні 50-55%, што на 5-10% ніжэй, ніж у часы папярэдніх выбарчых кампаній.

Хто прайграе:
Апазіцыя – таму, што шырокае кола выбарцаў яе не пачуе і не пабачыць;
Дэмакратычна настроенныя выбарцы – якія ў чарговы раз пераканаюцца, што альтэрнатывы дзеючай уладзе няма.

Хто выйграе:
Улада – якая будзе пазбаўленая неабходнасці рэагаваць на вострую крытыку незалежных кандыдатаў і масава фальсіфікаваць падлік галасоў;
ЛДПР Гайдукевіча – будзе прэзентавана як якая-ніякая, але адзіная альтэрнатыва дзеючай уладзе;
Незалежныя СМІ – узрасце іх роля як адзінага канала камунікацыі апазіцыі з часткай грамадзтва.


Сцэнар другі. Абумоўлены ўдзел.

Фармат такога ўдзелу прадугледжвае выстаўленне кандыдатаў, вылучэнне патрабаванняў да ўлады, правядзенне актыўнай інфармацыйнай кампаніі і зняццё кандыдатаў, у выпадку невыканання патрабаванняў.
- апазіцыя здолее закрыць актыўнымі і пазнавальнымі для выбарцаў кандыдатамі не больш за 70-80 акругаў. У буйных гарадах будзе па некалькі кандыдатаў ад апазіцыі на адну акругу;
- зарэгістраваныя кандыдаты змогуць выкарыстаць дзяржаўнае рэгіянальнае тэлебачанне, радыё, мясцовыя СМІ, для данясення сваёй пазіцыі;
- кандыдаты будуць мець магчымасць выдаць і безперашкодна распаўсюдзіць улёткі ў кожную кватэру на сваёй акрузе. Каб не вяртаць сродкі ў выпадку зняцця, кандыдат можа скарыстацца пазабюджэтным фондам;
- агульная аўдыторыя, якая пачуе незалежных кандыдатаў можа скласці 3,5-5 млн. чалавек;
- пры ўмове выканання дамоўленасці ў межах кааліцыі, кандыдаты акцэнтуюць увагу выбарцаў на наяўнасці палітвязняў, адказнасці ўлады за эканамічны крызіс, прапановах апазіцыі па выпраўленні сітуацыі. Мусяць быць выразна патлумачаныя прычыны магчымага зняцця кандыдатаў. Традыцыйныя для выбараў “сацыяльныя” пытанні павінны быць адкладзеныя на трэці план;
- у выпадку невыканання патрабаванняў апазіцыі (вызваленне палітвязняў, дэмакратычныя выбарчыя працэдуры і г.д.) кандыдаты здымаюцца напярэдадні датэрміновага галасавання;
- выбарцам, прыхільнікам незалежнага кандыдата, мусіць быць прапанаваны просты і дакладны алгарытм дзеянняў у выпадку зняцця кандыдата (непрыход на галасаванне, альбо псаванне і вынас выбарчага бюлетэня);
- па выніках выбараў Цэнтрвыбаркам агучыць яўку на ўзроўні 65-70% і “абранне” кандыдатаў ад улады ва ўсіх акругах;
- вулічныя пратэсты не будуць эфектыўнымі і сувязі з іх малаколькасцю.

Хто прайграе:
Уладная прапаганда – якая будзе вымушаная нейтралізаваць масавы распаўсюд незалежнай інфармацыі і тлумачыць грамадзтву прычыны самазняцця апазіцыйных кандыдатаў;
Апазіцыйныя кандыдаты – якія з падачы прапаганды ў вачах часткі выбарцаў будуць выглядаць як слабыя і збаяўшыеся ісці да канца.

Хто выйграе:
Апазіцыя – якая зможа скарыстаць магутныя інструманты для данясення да грамадзтва сваёй пазіцыі і патрабаванняў.


Сцэнар трэці. Удзел да канца.

Верагодны, пры ўмове вызвалення палітвязняў да абвяшчэння выбараў і дэманстрацыі з боку ўлады памкненняў да лібералізацыі выбарчых працэдураў. Сцэнар у такіх варунках мае шмат падабенстваў з са сцэнаром нумар 2, таму спынюся на некаторых асаблівасцях:
- акцэнты ў кампаніях кандыдатаў змесцяцца з палітычных патрабаванняў на сацыяльныя. Пачнецца змагане за канкрэтныя галасы выбарцаў;
- апазіцыйныя сілы, нават фармальна, не змогуць сфармаваць “адзіны спіс” кандыдатаў;
- ідэя байкота будзе падтрымлівацца маргінальнымі сіламі, не здольнымі іншым чынам прымаць удзел у выбарчых кампаніях;
- незалежныя назіральнікі, як правіла, будуць абмежаваныя ў магчымасцях пракантраляваць ключавыя моманты, звязаныя з падлікам галасоў;
- замежныя назіральнікі адзначаць “пэўны прагрэс” па выніках выбараў;
- масавыя пратэсты малаверагодныя.

Магчымыя два варыянты фінала выбарчай кампаніі, праведзенай у такіх умовах:
А) Па выніках выбараў Цэнтрвыбаркам агучыць яўку на ўзроўні 65-70% і “абранне” праўладных кандыдатаў ва ўсіх акругах.
Б) Пяць-сем апазіцыйных кандыдатаў патрапяць у парламент.

Аналізаваць варыянт А, няма сэнсу, так як гэта тое, што мы атрымліваем па выніках практычна кожна выбарчай кампаніі цягам апошніх 15 год.
Варыянт Б стварае новую палітычную сітуацыю. Цалкам верагодна, што група апазіцыянераў, патрапіўшых у парламент будзе складацца як з асобаў падкантрольных рэжыму, праз падпісанне імі дамоваў з КДБ, так і тых, чыя наяўнасць у парламенце мэтазгодна, зыходзячы з палітычнай каньюктуры ў наладжванні стасункаў як з Захадам, так і з Масквой. Роля першай групы будзе ў стварэнні перашкодаў эфектыўнай дзейнасці парламенцкай апазіцыі.

Хто прайграе:
Палітычныя сілы, прадстаўнікі якіх не патрапілі ў парламент. Далейшае існаванне ў статусе несістэмнай апазіцыі, ва ўмовах прагназуемай адсутнасці рэальнай лібералізацыі, прывядзе іх да маргіналізацыі.

Хто выйгае:
Улада – наяўнасць апазіцыі ў парламенце дае шлях да размарожвання стасункаў з Захадам. З’яўляецца верагоднасць прызнання Палаты Прадстаўнікоў паўнапраўным удзельнікам шэрагу міжпарламентскіх утварэнняў;
Палітычныя сілы, прадстаўнікі якіх патрапілі ў парламент. Асноўная ўвага замежных партнёраў і часткі беларускага грамадзтва будзе перанесена на іх структуры і лідараў.

Tags: апазіцыя, выбары, упартае змаганне
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 14 comments