Юрась Губарэвіч (hubarevich) wrote,
Юрась Губарэвіч
hubarevich

Паездка на край Еўропы. Лета 2012.

У ліпені 2012 года, кампаніяй з чатырох чалавек вырашылі наведаць самую паўночную кропку еўрапейскага кантынента – мыс Нордкап (Нарвегія). Ад Менска да ўзбярэжжа Паўночнага атлантычнага акіяна пралягаюць 2500 км дарогі, якая ідзе па тэрыторыі шасці краінаў уключна з 80 км марскога маршрута. Апошняя чыгуначная станцыя знаходзіцца амаль ў 1000 км ад месца прызначэння, авіярэйсы досыць рэдкія і толькі лакальных кампаній, таму аптымальным транспартным сродкам, зыходзячы з крытэраў кошт/камфорт/грузапад’ёмнасць быў абраны легкавы аўтамабіль.
Пад катам фотарэпартаж з паездкі.



З Вільні выехалі даволі позна, частка нашай групы затрымалася на пераходзе Прывалка, на якім звычайна чэргі мінімальныя. Да Таліна дабраліся каля 9-й вечара, па дарозе зрабіўшы прывал у месцы, дзе траса А1 ушчыльную падыходзіць да берага Рыжскай затокі (недзе ў 90 км ад Рыгі)


З сабой узялі толькі самае неабходнае J
2

Пабудка на наступны дзень была даволі ранняй. Трэба было патрапіць на паром кампаніі Tallink, які адыходзіў першым рэйсам у 7.30 раніцы нядзелі, і таму атрымліваўся даволі танным.
3

Паромнае злучэнне паміж Талінам і Хельсінкі забяспечваюць тры буйныя кампаніі, з агульнай колькасцю маршрутаў 12-15 у дзень. Адлегласць у 80 км, паром, здольны ўзяць на борт да 2500 пасажыраў, 350-500 легкавых аўтамабіляў і дзесяткі фураў, пераадольвае за 2-3 гадзіны. Кошт падарожжа моцна залежыць ад кампаніі і часу сутак. На борце можна знайсці крамы, кавярні і рэстараны на любы густ, адпачыць у каюце абранага класа пры наяўнасці адпаведнага квітка, наведаць саўну, ці накіраваць дзяцей у адмысловы гульнёвы пакой. Пакінуўшы аўто ў труме, мы скарысталіся столікамі на адной з верхніх палуб, каб падсілкавацца і насалодзіцца відам на Фінскую затоку. Бліжэй да Хельсінкі пачалі трапляцца сустрэчныя паромы, якія кіруюцца ў Талін, Стакгольм, Расток, Гдыню ці на Алендскія выспы.
4

Трохі паблукаўшы у Хельсінкі, выправіліся ў бок Оўлу. За гэты дзень мы мусілі зрабіць 800-850 км, перад тым, як станем на начоўку. Разам з намі выехаў яшчэ адзін экіпаж эстонскіх беларусаў, канчатковая кропка маршрута якіх была, па мясцовых мерках, зусім недалёка ад нашай, у нейкіх 200 км.
Чатырохпалосная аўтастрада за 150 км ад Хельсінкі змянілася двухпалоскай, такой яна і заставалася ўсе наступныя 1400 км падарожжа да мыса Нордкап.
5

На пляцоўцы перад адной з заправак натрапілі на музэй званоў. Дзесяткі якіх, розных памераў і форм, размяшчаліся пад адкрытым небам. Да большасці з іх быў вольны доступ, і можна было пачуць “голас” бумкнушы ў звон.
6

З пошукам месца для начоўкі аказалася не ўсё так проста, як здавалася на першы погляд. Нягледзячы на бескрайнія прасторы Фінляндыі, усе месцы, дзе можна з’ехаць з трасы, вядуць да прыватнай уласнасці. Звычайна гэта чыйсці домік з саўнай на беразе чарговага (стотысячнага) возера ці рэчкі. Узбочыны практычна адсутнічаюць, таму прыпаркаваць аўто ў бяспечным месцы ўздоўж дарогі таксама не атрымаецца. Тым не менш, пасля некалькіх няўдалых спробаў, была знойдзена просека на беразе вадасховішча, якое сілкавала мясцовую міні-ГЭС.
7

8

Светлы час сутак (а яны заставаліся светлымі наступныя 110 гадзінаў нашага падарожжа) дазволіў налавіць рыбы на вячэру. У якасці нажыўкі выкарыстоўваўся гішпанскі хамон, беларуская сыравяленая кілбаса і адзіны даждзявы чарвяк, якога я ўласнаручна адкапаў пад дзёрнам на ўзбочыне дарогі каля самай плаціны. Ці тое мясовая рыба была занадта галодная, ці тое нам шанцавала, але цягам гадзіны на вячэру мы мелі з паўтузіна рачной фарэлі і кілаграмовую чырвоную рыбу.
9

Месца, у якім мы спыніліся, знаходзілася ўсяго толькі ў 35 км ад Паўночнага палярнага кола і сталіцы Лапландыі, горада Раваніемі, вядомага таксама як радзіма Ёлопукі. “Ночка” выдалася надзвычай цёплай, таму напаследак паплаваўшы ў водасховішчы, вырашыў заночыць у спальніку наўпрост на зямлі, пад адкрытым небам.
Прагулка па дамбе а палове на першую “ночы”.
10

Наступнай раніцай рушылі на пошукі сядзібы Дзеда Мароза Санта Клаўса, якая мусіла базавацца адразу за Раваніемі, непасрэдна на Палярным коле. Як апынулася, турыстычная атракцыя была досыць папулярнай, таму сядзібу Санты можна было знайсці адразу ў двух месцах, Санта Парку і Санта Вілядж.
11

У падземным гроце, які раней выкарыстоўваўся ў вайсковых мэтах, схаваная цэлая індустрыя забаваў. Заплаціўшы за ўваход, вы атрымаеце доступ да рэзідэнцыі Санта Клаўса, зможаце паглядзець шоў эльфаў (ці гномаў), набыць скуры аленяў, наведаць ільдзяны пакой і за дадатковыя 7 Еўра замовіць паштоўку з віншаваннямі ад Санты ў любы куток свету, якая прыйдзе дакладна напярэдадні Нараства. З улікам таго, што мы прыехалі ў сярэдзіне лета, ажыятажу не назіралася, і Санта быў вымушаны адмыслова запрасіць нас сфатаграфавацца з ім. (I remember You when You were a little boy – сказаў ён мне.)
13

12

За Раваніемі пачынаўся край паўночных аленяў, і Сяржук, які падмяніў мяне за стырном, вымушаны быў углядацца ў дарогу, каб не падсадзіць чарговую парачку на капот.
14

Першыя алені не прымусілі сябе доўга чакаць. Сказаць, што іх там шмат, значыць не сказаць нічога. Парамі, паасобку, альбо цэлымі статкамі яны сустракаюцца кожныя 20-25 км дарогі. І не толькі за горадам. Звычайная карціна, калі паўночныя алені сноўдаюць уздоўж дарог у мястэчках, альбо нават абнюхваюць наліўныя краны на аўтазапраўках. Лапландзія, гэта рэгіён, дзе аленяў больш за жыхароў, але амаль ўсе яны ўлічаныя і некаму належаць.
15

Праз нейкія 250-300 км пачалася лесатундра. Дрэвы станавіліся ўсё ніжэйшымі, і мясціны ўсё менш населенымі. Знізілася і інтэнсіўнасць транспартнага руху. Сустрэчныя машыны трапляліся з інтэрвалам адна на 15-20 хвілінаў, і пераважна гэта былі турыстычныя кемперы.
На адной з пляцовак для адпачынку, дзе спыніліся паабедаць, есці давялося на хаду, бегаючы з кута ў кут пляцоўкі – стаяць на месцы не дазвалялі камары.
16

Перад самай мяжой, яшчэ на фінскім баку, у 400 км за палярным колам, заехалі ў невялічкую крамку на запраўцы, каб папоўніць запасы правіянта. Сярод іншага набылі марожанай аляніны па коштах, роўных менскім коштам на свініну, і падзівіліся на маладую бульбу, па 0,65 Еўра за кг. Перасяклі мяжу з Нарвегіяй, пра што нам паведаміла шыльдачка, прымацаваная пасярэдзіне маста.
17

Недзе ззаду засталіся ўказальнікі на паўднёвы горад-курорт Мурманск, а нам засталося ехаць 270 км да пазначанай мэты. Нарвежскія пейзажы заўважна адрозніваюцца ад фінскіх. Забалочаныя раўніны змяніліся на ўзгоркі і адвесныя скалы, з якіх сцякаюць сотні вадаспадаў.
18

19

20

Замест аленяў, пачалі трапляцца сямейкі авечак, якія насалоджваліся кароткім паўночным летам, грэючыся на асфальце проста пасярод дарогі. На набліжэнне аўто яны проста ніяк не рэагавалі, таму даводзілася быць асабліва ўважлівым.
21

Выехалі на бераг Порса́нгер-Фьорда. Старыя знаёмыя таксама нікуды не падзеліся.
22

Праехаўшы за дзень больш за 750 км дабраліся да канцавой кропкі маршрута, кемпінга на выспе Магерёйа, дзе нас чакаў загадзя арэндаваны на два дні домік. Патрапіць на выспу можна было праз адмысловы 7-мі кіламетровы тунэль, які пралягае на глыбіне 220 метраў пад узроўнем мора. Канструкцыя тунэля нагадвае лацінскую літару V і першыя 3,5 км дарога імкнецца рэзка ўніз, так, што даводзіцца ўвесь час кантраляваць хуткасць, а на наступным адрэзку адпаведна ціснуць на газ, спрабуючы забрацца ўгору не вышэй як на трэцяй перадачы. На выездзе з тунэля стаялі закінутыя будкі аплаты за праезд, якую адмянілі літаральна за пару тыдняў да нашага візіту ў сувязі з поўнай кампенсацыяй затратаў на пабудову тунэля. Гэта не магло не радаваць, бо раней плату бралі як на ў’ездзе, так і на выездзе, і нам бы давялося развітацца з даволі круглай сумай.
Нягледзячы на позні заезд, а было каля 12 “ночы”, праблем з засяленнем не ўзнікла. Ключы для нас пакінулі ў падпісанай капэрце каля ўваходу ва ўжо зачыненую рэцэпцыю. Домік усярэдзіне меў два двухярусных ложка, з адсутнай бялізнай (якую могуць выдаць за дататковую плату, але нам хапала ўласных спальнікаў і падушак), стол, электрычную плітку з двума камфоркамі, невялічкую лядоўню і мыйку з халоднай вадой, якая падавалася з бліжэйшага водасховішча.


24

Добра падсілкаваўшыся мясам паўночнага аленя, а палове на трэцюю “ночы” накіраваліся на агляд бліжэйшых ваколіцаў.
26



Наступнай раніцай вырашылі выправіцца ў бок мыса Нордкап, месца паломніцтва ўсіх турыстаў, прыехаўшых наведаць “самую паўночную кропку Еўропы”. Зрабіўшы пару зігзагаў на серпанціне, атрымалі магчымасць зірнуць на наш лагер зверху.
27

Яшчэ перад выпраўленнем на Нордкап, спраўдзілі сітуацыю з надвор’ем праз адмысловы online сэрвіс. Было бачна, што на 307 метровым мысе шчыльным пакрывалам ляжыць туман, таму пабачыць адтуль нічога не атрымаецца. Вырашылі зрабіць пешую вандроўку на мыс Кнівшельодден, які знаходзіцца леваруч ад Нордкап і выступае ў мора на 1400 метраў далей за турыстычную “самую паўночную кропку”.
На ўездзе у Нордкап пункты аплаты. Кошт разавага наведвання для чатырох чалавек ад 85 Еўра. Існуюць і 2-х дзённыя абанементы.
29

Мыс Кнівшельодден падобны на пелікана, апусціўшага дзюбу ў ваду, на самую скрайнюю кропку якой нам трэба было дайсці.
28

Пачатак 9-ці кіламетровага пешага маршрута быў абазначаны адмысловай пірамідкай з пляскатых камянёў. Надалей пірамідкі трапляліся праз кожныя 250-300 метраў, што значна спрашчала пошук сцяжыны, якая так і імкнулася згубіцца сярод ручаінаў і каменных схілаў тундры.
30

31

32

Праз 7 кіламетраў скакання па камянях, уздымаў і спускаў з ўзгоркаў, выйшлі на усходні схіл мыса Кнівшельодден. Дарога пайшла па пляскатых каменных плітах, нахіленых у мора пад кутом у 20-25%. З правага боку стаў бачны мыс Нордкап, на якім працягвала ляжаць шапка з туману.
34

Самы паўночны еўрапейскі букецік.
35

За гэтымі камянямі толькі Паўночны Ледавіты акіян. Скрайняя кропкя мыса знаходзіцца на 71°11′08″ п.ш., што параўнальна з шыратой паўночнага ўзбярэжжа Аляскі.
36

Рэшткі рыбіны невядомай пароды.
37

На скрайняй поўначы Еўропы, у 600 км за палярным колам. Далёка на поўдні засталіся такія гарады як Мурманск, Варкута і Нарыльск.
40

39

38

Невядомыя плаўцы ў чорных купальніках.


Падсілкаваўшыся на хуткую руку, мы выправіліся ў зваротны шлях. Трэба сказаць, што падчас сямігадзіннага пераходу нам трапляліся і іншыя турысты, агулам сустрэлі чалавек 20-25. Сярод іх не было заўважана рускамоўных, але былі даволі дзіўныя спалучэнні. Напрыклад галандзец, датчанін і мексіканка, якіх мы сустрэлі на самым піку мыса. Адсутнасць выхадцаў з саюза адчувалася і па некранутай чысціні паўночнай прыроды. За ўвесь 9-ці кіламетровы пераход толькі адзін раз патрапілася на вочы папяровая сурвэтка, пэўна выпаўшая з чыесці кішэні.
Адчуванне аддаленасці ад усіх “дабротаў цывілізацыі”, крыштальна чыстае паветра і бязмежныя далягляды ствараюць адпаведны настрой і жаданне пагрузіцца ў атмасферу дзікай поўначы, дыхаць на поўныя грудзі і піць воду проста з ручаінаў.
33

На абратным шляху на раўніну лёг туман. Сцяжына час ад часу проста гублялася, і даводзілася арыентавацца па каменных пірамідках.
41

Па дарозе ў кемпінг спыніліся ля прыдарожнай крамкі сувеніраў, дзе аплаціць пакупкі можна было і банкаўскай карткай.
Беларускі аленевод.
42

Саамскі аленевод.
43

Таксама завіталі ў вёсачку Skarsvåg, дзе ўласнік кавярні запрашаў нас пачаставацца свежэвылаўленымі камчацкімі крабамі. З яго словаў, наесца “ад пуза” можна было ўсяго толькі за 400 нарвежскіх крон (трохі болей за 50 даляраў)
44

Стомленыя 18-ці кіламетровым пешым пераходам, вярнуліся ў кемпінг. Няглядзячы на спартанскія ўмовы пражывання, кліентам кемпінга даступныя ўсе даброты цывілізацыі. На тэрыторыі лагера лавіўся бясплатны WiFi, прыгатаваць ежу можна было ў адмыслова абсталяванай кухні. Для жыхароў былі даступныя агульныя прыбіральні і душавыя кабіны. Самы танны варыянт пражывання ў такіх умовах – аплата за месца пад палатку, чым шмат хто і неадмаўляўся скарыстацца.
45

На рэцэпцыі кемпінга працавала ўсмешлівая латышка Ева, у расейскай мове якой трапляліся беларусікія словы – унёсак маці, паходзіўшай з заходняй Беларусі.
Надвор’е ўсе дні, што мы былі на Магерёйа, стаяла пахмурнае, з тэмператрурай 12-13 градусаў цяпла. І толькі ў дзень ад’езду трохі сапсавалася. Замарасіў дробны дожджык, і тэмпература апусцілася да 9 С. Што, вядома, не перашкодзіла нам на развітанне паплаваць ў ласкавых водах Барэнцэвага мора. Не ведаю, што адчуваюць людзі патрапішыя ў палонку, але мяне пасля двух заплываў не адпускала гадзіны паўтары, покуль ехалі ў бок Аліту.
46

Па дарозе завіталі яшчэ ў адну крамку сувеніраў, назва якой (выкладзеная сушанай траской) часта трапляецца на фота падарожуючых у тых мясцінах.
47

Дарога ў Альту заняла некалькі гадзінаў, але можна было не спяшацца, бо наведаць знакаміты музей наскальных малюнкаў пад адкрытым небам не выпадала, таму, што ішоў моцны дождж.
Як і пісаў вышэй, краявіды ў Нарвегіі заварожваюць. Неахапляльныя раўніны змяняюцца пакручастымі скаламі і рэчкамі, бягучымі ўздоўж дарог. Самі дарогі надзіва роўныя і без слядоў ямачнага рамонту. Да самай поўначы ехалі па асфальце, і толькі ў адным месцы на тэрыторыі Нарвегіі патрапілі на 20 км грунтоўкі. Якая была настолькі шчыльна ўкатаная, што давала магчымасць ехаць з хуткасцю 80 км/г – максімальна дазволенай у гэтай краіне.
48

49

50

51

Праехаўшы нарвежска-фінскую мяжу, рухаемся далей на поўнач уздоўж ракі Тарнео, якая цягам 450 км бяжыць па Фінска-Шведскаму памежжу.
Па дарозе сустракаем розную жыўнасць.
52

53

Прасіў падкінуць да Оўлу.
54

У адной з кропак маршруту зразумелі, што можна было б разнастаіць падарожжа, змяніўшы шлях у накірунку Стакгольма. Гэта б дазволіла не ехаць той самай дарогай ад Кемі да Рыгі 1100 км, а заадно паглядзець і Швецыю. Пры гэтым, агульны кіламетраж прабегу на аўто быў бы нават меншым, за кошт паромнай пераправы Стакгольм-Рыга. Але было позна. Усе аўтапакеты на паром былі раскупленыя на некалькі тыдняў наперад.
marshrut

Паддаліся спакусе заехаць на тэрыторыю Швецыі, праўда не глыбока, на нейкія пару сотняў метраў.
55

Наступныя дзьве ночы па дарозе на Хельсінкі правялі ў розных кемпінгах на тэрыторыі Фінляндыі. Месца дзе спыніцца на ноч, выбіралі проста па шляху празвоньваючы розныя пляцоўкі, якія знаходзілі ў рэклямных буклетах. Адной з галоўных умоваў засялення была неабходнасць заехаць да 21.00, покуль гаспадары не зачынілі рэцэпцыю і не з’ехалі адпачываць.
56

Даядаем аленя.
57

На паўночнай кропцы Батніцкай затокі. Ўзімку там можна пакатацца на сапраўдным ледаколе.
58

Па нашых падліках, да Хельсінкі мусілі дабрацца у другой палове дня пятніцы. Вырашылі заначаваць на вечаровым пароме, каб не шукаць начлег у Хельсінкі ці Талліне. Амаль кожная з паромных кампаніяў мае такую паслугу на апошнім вечаровым рэйсе. Пры гэтым кошт квітка вырастае не на шмат. Паром, як звычайна, праходзіць маршрут за 2,5-3 гадзіны, толькі частка пасажыраў не сыходзіць на бераг, а застаецца да раніцы ў каютах. Пры гэтым да паслугаў пасажыраў працуюць саўна, крама з багатым выбарам напояў (чым ахвотна карыстаюцца фіны), кавярні і дыскатэкі ў начных клубах непасрэдна на судне. Выглядае, што для значнай часткі фінскай моладзі, якая скарысталася прапановай, гэта зручная магчымасць набыць параўнальна недарагі алкаголь, завесці цікавыя знаёмствы і правесці ноч у сваё задавальненне.
Заначавалі ў чатырох мясцовай каюце на адной з верхніх палубаў. З выгляду каюта падобная да купэ цягніка, толькі дапоўнена душам, прыбіральняй і ЖКІ тэлевізарам.
59

Прыпынак на беразе Рыжскага заліва перад апошнім рыўком на Менск.
60

Праехаўшы за апошні дзень каля 1000 км і прастаяўшы на мяжы больш за 6 гадзінаў, а 5 раніцы я быў дома.

Выдаткі на падарожжа.
У гэта цяжка паверыць, але кожнаму з нас 8-дзённае падарожжа абышлося ў 300 Еўра, суму параўнальную з выдаткамі на ўікендавы выезд у Варшаву з пражываннем ў гатэлі.
Асноўнай крыніцай эканоміі стала выкарыстанне аўтамабіля ў якасці транспартнага сродка і ўласнаручнае прыгатаванне ежы.
Але і гэта пэўна не мяжа, бо заўсёды знойдуцца тыя, што ведаюць на чым можна з’эканоміць.
Структура выдаткаў выглядае прыблізна так:
- выдаткі на паліва 40% (сярэдні расход 6,3 л/100 км, пры коштах на дызель у Эстоніі 1,3; Фінляндыі 1,5 і Нарвегіі 1,9 Еўра за літр)
- выдаткі на паромы 23%;
- выдаткі на начлег у кемпінгах 20%;
- выдаткі на ежу і напоі 17%.
Tags: nordkapp, Нордкап
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 1 comment